Як далучыцца

Усім жадаючым далучыцца да скаўцкага руху, можна зрабіць гэта наступным чынам:

 

  • напісаць нам ліст на адрас электроннай пошты

Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.

 

  • звярнуцца да пробашча парафіі, ў якой існуюць скаўцкія адзінкі

Cкаўтынг

Каталіцкі скаўтынг у Беларусі ўзнік у 2000 годзе, выкарыстаўшы вопыт Федэрацыі еўрапейскага скаўтынгу, якая ў сваю чаргу стаіць на трох слупах – класічны скаўтынг, каталіцкі скаўтынг, еўрапейскае братэрства.

Класічны скаўтынг, заснавальнікам якога з’яўляецца англійскі генерал лорд Роберт Бадэн-Паўэл. Ён, бачачы маладых хлопцаў ў Лондане пачатку XX стагоддзя і маючы вялікі досвед у кіраванні, выдаў кніжку «Скаўтынг для хлопчыкаў», дзе расказаў пра свае ўменні і тлумачыў, як быць скаўтам.

У 1907 годзе ён арганізаваў у Вялікабрытаніі першы скаўцкы летнік, дзе на практыцы паказаў як працуе скаўцкі метад падчас гульняў, фізічных практыкаванняў і спаборніцтваў, гутарак каля вогнішча. Ужо ў канцы 1907 года ў Вялікабрытаніі было каля 60 тыс. скаўтаў.

Не прыйшлося доўга чакаць з’яўлення каталіцкага скаўтынгу.

Айцец Жак Сэвэн, захоплены гэтай новай ідэяй выхавання моладзі, сустрэўся з заснавальнікам скаўтынгу Бадэн-Паўэлам, каб зразумець, ці могуць каталіцкія бацькі і святары выкарыстоўваць скаўтынг ў сваёй выхаваўчай працы. Адаптаваўшы класічны скаўтынг пад каталіцкую духоўнасць, у 1920 годзе ён засноўвае першую каталіцкую скаўцкую арганізацыю – Скаўты Францыі. Жак Сэвэн – аўтар многіх спеваў, ма¬літваў, тэкстаў для разважаня, якія адлюстроўваюць веру і духоўнасць скаўта.

Федэрацыя еўрапейскага скаўтынгу (FSE) ўзнікла пасля Другой сусветнай вайны, калі пасля глабальнага канфлікту жыхары многіх еўрапейскіх краін пачалі з вялікім недаверам адносіцца да сваіх суседзяў. У 1956 годзе на дзень Усіх Святых група маладых людзей розных хрысціянскіх веравызнанняў з Германіі і Францыі разам склалі асноўныя прынцыпы новай Федэрацыі, якая ў будучым мусіла аб’яднаць маладых хрысціянаў розных краін Еўропы на базе хрысціянскай веры і скаўтынгу.

У 2003 годзе FSE была прызнана Апостальскім Пасадам арганізацыяй свецкіх Папскага права. Тым самым «дэ-факта» стаўшы каталіцкай арганізацыяй.

На сённяшні дзень скаўцкія адзінкі існуюць у парафіях Мінска, Гродна, Полацка, Івянца і інш.

Слуга Божы Якуб Сэвэн

Бацька каталіцкага скаўтынгу, заснавальнік ордэна св. Ерузалемскага Крыжа.

Нарадзіўся ў 1882 годзе ў горадзе Ліль на поўначы Францыі. 

У сваім дзённіку ён піша, што ўжо ў 13 гадоў адчуў пакліканне да манаскага і святарскага жыцця. 

У 1902 годзе, калі яму было 18 гадоў, ён уступіў у манаскі ордэн езуітаў, які быў заснаваны св. Ігнатам Лаёлам. Падчас навіцыяту ён часта ездзіў на вакацыі ў Вялікабрытанію, дзе пазнаёміўся са скаўтынгам, які ў той час толькі пачаў фарміравацца, і вельмі ім зацікавіўся. 

У самой Францыі да скаўтынгу ставіліся з недаверам як з боку грамадства, так і царкоўных уладаў, якія вельмі насцярожана ўспрымалі ўсе навіны з англіканскага вострава. У друку з’явіліся крытычныя заўвагі ў бок скаўтынгу, у тым ліку ў езуіцкім часопісе Etudes. Малады семінарыст звярнуўся да кіраўніцтва за дазволам выехаць у Лондан, каб там лепш пазнаёміцца з гэтым метадам выхавання, што выклікаў столькі спрэчак.

Выезд адбыўся ўвосень 1913 году. Якуб Сэвэн вельмі плённа правёў час у Англіі, вывучаў скаўцкую літаратуру, да якой ён меў доступ. Веды, якія Якуб Сэвэн там набыў, зрабілі яго, як сцвярджаюць гісторыкі, найбольш глыбокім знаўцам скаўцкага метаду сярод заснавальнікаў французскага скаўтынгу. 20 верасня ён сустрэўся з лордам Бадэн-Паўэлам (Бі-Пі) “за кубачкам гарбаты”. У гэты дзень Якуб Сэвэн вырашыў заснаваць каталіцкі рух скаўтаў у Францыі. 

На жаль, яго намерам было наканавана няхутка спраўдзіцца: пачалася І Сусветная вайна. Атрымаўшы святарскія свячанні 2 жніўня 1914 году, ужо як малады святар Якуб Сэвэн у гэты час знаходзіўся ў Бельгіі, якая неўзабаве трапіла пад нямецкую акупацыю. Там (у Ангьен (Enghien)) ён правёў два апошнія гады навіцыяту і 2 лютага 1917 году склаў вечныя шлюбы. 

У гэты ж час Якуб Сэвэн выкладаў у езуіцкім ліцэі, які ў хуткім часе зачынілі акупанты. У гэтай сітуацыі вымушанай “бяздзейнасці” айцец-настаяцель, які ўвесь час з недаверам ставіўся да скаўтынгу, дае дазвол на апрацоўку матэрыялаў пра гэты метад выхавання. У перыяд з восені 1916 да вясны 1917 Якуб Сэвэн напісаў кніжку Скаўтынг. Тэарэтычныя заняткі і практыка, якая была выдадзена ў 1922 годзе і аказала вялікі ўплыў на станаўленне скаўтынгу ў Францыі. 

У 1917 годзе Якуб Сэвэн пераехаў у Мускрон (Mouscron), што ў Бельгіі, дзе таксама знаходзіўся езуіцкі ліцэй. Там ён упершыню паспрабаваў стварыць скаўцкі звяз, хоць гэта было й няпроста зрабіць у акупаванай Бельгіі. Апрача таго, кіраўніцтва а. Сэвэна не было да канца ўпэўненае ў карысці эксперыментавання са свецкімі навінкамі педагогікі з пратэстанцкай Англіі. Звяз, які стварыў Якуб Сэвэн, не насіў скаўцкую форму і не мог называцца “скаўцкім ”. 

З цягам часу адносіны царкоўных уладаў да скаўтынгу змяніліся. У 1920 годзе быў дадзены афіцыйны дазвол на стварэнне каталіцкай скаўцкай арганізацыі Скаўты Францыі. Айцец Сэвэн быў прызначаны на пасаду генеральнага камісара і генеральнага сакратара. 

Будучы ўпэўненым, что толькі абсалютная вернасць скаўцкаму метаду Бі-Пі можа надаць скаўтынгу поўны выхаваўчы змест, ён напаўняе яго каталіцкай духоўнасцю. Такім чынам, можна сказаць, а. Сэвэн “ахрысціў” скаўтынг, выкарыстоўваючы яго для выхаваўчай і катыхетычнай працы Каталіцкай Царквы. Ён надаў хрысціянскі сэнс кап’ю, у якім усе скаўты ёсць братамі ў Хрысце; развіў ідэю добрага ўчынка Бі-Пі як служэння бліжняму; паклаў пачатак існавання новай арганізацыі, складаючы статут, педагагічныя праграмы, правілы, а таксама шмат песень і малітваў (сярод якіх – малітва кап’явога). За малітву скаўта ён узяў трохі пераробленую малітву св. Ігната Лаёлы, таму што для а. Сэвэна скаўт – гэта хрысціянін, найвялікшым прагненнем якога з’яўляецца пашырэнне вакол сябе Валадарства Хрыста.

На пачатку існавання “Скаўтаў Францыі” Якуб Сэвэн аказваў вялікі ўплыў на фармаванне маладых звязовых. Ён імкнуўся ўсіх зацікавіць, каб кожны адчуў пэўную адказнасць. Але найважнейшай падзеяй было правядзенне легендарных навучальных летнікаў Хамерандэ (Chamerande) у 1923-1933 гадах. Дазвол на правядзенне гетага летніка а. Сэвэн атрымаў з рук самога Бі-Пі, і дзякуючы гэтаму, Хамерандэ атрымаў гэткі ж статус, што і міжнародны навучальны летнік Гілвэл (Gilwell) у Англіі. Гэтая акалічнасць сведчыць пра давер Бі-Пі да французскага манаха. 

На Хамерандэ Якуб Сэвэн паказаў сябе сапраўдным педагогам, які дасканала валодаў скаўцкім метадам і ведаў патрэбы звязовых. Удзельнікі летніка ўспаміналі незабыўную атмасферу, якая там панавала. Сэрцам летніка была самаробная капліца, дзе пра сталую прысутнасць Хрыста ў Найсвяцейшых Сакрамантах нагадвала вогнішча, што старанна падтрымлівалі. Сімвалам паспяховага завяршэння Хамерандэ была шэра-ружова-аранжавая хустка з горада Гілвэл. 

У 30-я гады айцец Сэвэн робіць крокі, каб стварыць арганізацыю, заснаваную на ігнацыянскай духоўнасці, для апостальскага служэння моладзі. У 1944 годзе ўзнікае ордэн св. Ерузалемскага Крыжа, якому на сённяшні дзень належаць некалькі выхаваўчых устаноў для дзяцей і моладзі ва ўсім свеце.

Праз шэсць месяцаў пасля пяцідзесятай гадавіны сваіх першых манаскіх шлюбаў ва ўзросце 69 гадоў а. Якуб Сэвэн адыходзіць “на спатканне ў летнік адпачынку і радасці, дзе Госпад сам паставіў намёт для яго навекі”. 

Яго апошнім пасланнем былі словы: “Будзьце святымі, бо толькі гэта сапраўды залічваецца!” 

 

Малітва заступніцтва а. Жака Сэвэна

Божа, ты ўліў у сэрца Твайго слугі айца Жака Сэвэна гарачае прагненне аддавання сябе да самога канца. Праз Тваё натхненне ён прысвяціў сябе выхаванню моладзі ў межах каталіцкага скаўтынгу, а таксама з думкай пра моладзь заснаваў Інстытут Святога Езузалемскага Крыжа. Просім Цябе, улі ў нашыя сэрцы падобную любоў у прысвячэнні сябе маладым, а Твайго слугу Жака май ласку ўзнесці да хвалы благаславёных. Амэн.

Велікапосныя рэкалекцыі скаўцкіх шэфаў прайшлі ў Лынтупах

7-8 сакавіка адбыліся велікапосныя рэкалекцыі для шэфаў скаўцкага руху. 

Час Вялікага посту — гэта час умацавання, развіцця і асаблівай працы над сабою. Узрастанне ў духоўным плане не стала выключэннем і для скаўцкіх шэфаў. 

На гэты раз месцам сустрэчы сталі Лынтупы Віцебскай дыяцэзіі. Туды прыехала больш за 20 дзяўчат, каб разам плённа ўзрастаць ў веры і дзяліцца вопытам перажывання адносін з Хрыстом і служэння. 

Рэкалекцыі праводзіў кс. Павел Кнурэк — пробашч парафіі Св. Апостала Андрэя ў Лынтупах. Дзяўчаты не толькі пачулі словы пра асаблівую Божую любоў і міласэрнасць, але і, дзякуючы канферэнцыям, змаглі зазірнуць у глыбіні свайго сэрца і знайсці рэчы, над якімі трэба працаваць.

Працягнуць чытаць

Каталіцкія скаўткі здзейснілі зімовую вандроўку

28 лютага каталіцкія скаўткі здзейснілі зімовую вандроўку пад назвай «Дзе шлях Твой?...». Пра яе распавяла правадніца вогнішча бл. Мар'яны Бярнацкай Анастасія Харкевіч.

Заўжды «Напагатове!». Такі вокліч характэрны для скаўтаў. Сапраўды, скаўт гатовы да ўсяго ў сваім жыцці, поўным прыгод і нечаканых вынікаў. Так і нашы дзяўчаты ў апошні дзень зімы 28 лютага, павінны былі быць «напагатове», каб, устаўшы вельмі рана, вырушыць у сваё чарговае вандраванне. Вандроўка гэтая была насычана не толькі прыгодамі, але і гістарычнымі асобамі. На гэты раз правадніцы вогнішча благаслаўлёнай Мар'яны Бярнацкай адправіліся на Гродзеншчыну, але свой шлях пачалі з Мінскай вобласці.

Першым пунктам нашага вандравання была зараз ужо не такая заможная, як калісьці, вёсачка Беніца. На ўваходзе ў яе нас сустракаў магутны дуб, які ў чацвярох мы не змаглі абняць. Касцёл у Беніцах вельмі старажытны, але, на жаль, не дзейнічае. Выгляд мае заможны, што гаворыць пра веліч і непарушную веру нашых продкаў, якія фундавалі, будавалі храмы і не забываліся ў іх маліцца. На жаль, зараз у храме не чуваць гуку аргана і радаснага «Аллелюя», але хто ведае будучыню. Тэма нашай вандроўкі была «Дзе шлях Твой?...», таму мы і вырашылі паглыбіцца ў шляхі нашага Пана і пошуку таго, якая Яго воля адносна жыцця кожнай з нас.

Працягнуць чытаць

Усе правы абаронены © 2023