Служэнне ў Будславе

Калі вы ў гэтым годзе наведалі Будслаў, то, напэўна, заўважылі хлопцаў і дзяўчат з бела-сінімі парасонамі. Знаёмцеся – гэта скаўты Еўропы ў Беларусі. Хтосьці з вас, паважаныя чытачы, ужо знаёмы з гэтым рухам, а хтосьці яшчэ не.

Галоўныя цноты скаўтаў і скаўтак

Галоўныя цноты скаўта і скаўткі – шчырасць, ахвярнасць і чысціня. Калі распавядаць пра Будслаў праз шкло скаўцкага руху, то, па-першае, гэтая ўрачыстасць з’яўляецца менавіта добрай нагодай для служэння, якое мае сваёй падставай гэтыя галоўныя цноты. У гэтым годзе падчас будслаўскіх урачыстасцяў неслі служэнне 45 прадстаўнікоў скаўцкага руху. Некаторыя з іх прыехалі ў Будслаў, але большасць з іх брала ўдзел у пешых пілігрымках. 

Скаўцкае “так”

Скаўты з Гомеля далучыліся да пілігрымкі з Маладзечна, з Івянца - да Баранавічаў, з Барысава - да Жодзіна і з Мінска - да Віцебска. Я, напрыклад, далучалася да пілігрымкі “Віцебск-Будслаў”, і з уласнага вопыту магу сказаць, што служэнне пачынаецца не толькі каля брамаў будслаўскай святыні. Яно пачынаецца з гатоўнасці да гэтага служэння з першага кроку ў пілігрымцы. Калі скаўт кажа: “Напагатове!”, ён кажа сваё “так” на кожную справу, якую мае здзейсніць. 

Скаўты ў Будславе 

Падчас урачыстасцяў скаўты і скаўткі дапамагалі службе аховы і парадку, а таксама неслі варту ў інфацэнтры “Чыстае сэрца”. Таксама скаўты сустрэліся разам суботняй раніцай на святочным шыхтаванні (пастраенні), падчас якога нацыянальны камісар скаўтаў Павел Граковіч адзначыў, што будслаўскія ўрачыстасці з’яўляюцца добрай духоўнай падрыхтоўкай да адной з самых вялікіх падзей для скаўтаў Еўропы – “Еўраджэма”, які ўяўляе сабой агульны летнік для скаўтаў з усяго свету і пройдзе ў жніўні на тэрыторыі Францыі.

Ганна Журко

Усе правы абаронены © 2020